На Дзятлаўшчыне прайшло пасяджэнне круглага стала па пытаннях міжведамаснага ўзаемадзеяння пры фарміраванні і выкананні індывідуальных праграм рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў.
У ім прынялі ўдзел спецыялісты Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, цэнтральнай раённай бальніцы, раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, фізкультурна-спартыўнага клуба, раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Тон размове задала дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык. Яна нагадала, што з 6 студзеня 2023 года ўступіла ў сілу Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 672, якой і замацаваны парадак міжведамаснага ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і іншых арганізацый па фарміраванні і выкананні індывідуальных праграм рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў. Пры гэтым суб’ектамі ўзаемадзеяння з’яўляюцца медыка-рэабілітацыйныя экспертныя камісіі і арганізацыі – выканаўцы індывідуальных праграм. Таццяна Сямёнаўна адзначыла, што ўдзельная вага інвалідаў у агульнай колькасці насельніцтва Гродзенскай вобласці складае 6 %, а на Дзятлаўшчыне крыху больш – каля 8 %. У нашым раёне жывуць 330 інвалідаў І групы, каля 960 – ІІ, 687 – ІІІ групы і 92 дзіцяці з інваліднасцю. Тое, што для здаровага чалавека – норма, найчасцей недаступна такім людзям. Каб кампенсаваць недахопы, у Беларусі прадпрымаюцца значныя намаганні па рэалізацыі правоў гэтай катэгорыі насельніцтва, каб яны былі паўнапраўнымі членамі нашага грамадства. Ствараецца безбар’ернае асяроддзе, ім гарантавана сацыяльная падтрымка дзяржавы ў выглядзе пенсій і дапамогаў, адраснай сацыяльнай і матэрыяльнай дапамогаў, ільгот, гарантый, сацыяльных паслугаў, забеспячэння тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі. Робіцца ўсё, каб такія грамадзяне ўдзельнічалі ў даступных і цікавых для сябе відах дзейнасці. Задача, якая стаіць перад адказнымі службамі, – забяспечыць комплексны падыход і ў поўным аб’ёме аказаць паслугі, прапісаныя ў праграмах індывідуальнай рэабілітацыі і абілітацыі.
Аб аказанні сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў расказала загадчыца аддзялення першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання ЦСАН Дзятлаўскага раёна Наталля Сядляр. Падкрэсліла, што ў кожнага аддзялення ўстановы – свой алгарытм работы і галіна адказнасці, разам з тым сацыяльная сфера курыруе работу па індывідуальных праграмах рэабілітацыі і абілітацыі, займаецца зборам агульнай інфармацыі. Каардынацыю дзейнасці органаў і ўстановаў аховы здароўя, сацыяльнай абароны, адукацыі, культуры, фізічнай культуры, спорту і турызму па комплекснай рэабілітацыі інвалідаў, забеспячэнні бесперапыннасці ўсіх этапаў рэабілітацыі, рашэнне праблемных пытанняў у гэтай частцы ажыццяўляюць рэгіянальныя міжведамасныя саветы па правах інвалідаў, створаныя ў кожным раёне, згодна з артыкулам 18 Закона РБ ад 30 чэрвеня 2022 года № 183-З “Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі”.
Пытанні медыцынскай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў закранула доктар-эксперт Дзятлаўскай ЦРБ Аксана Вінцукевіч. Яна расказала, што ў нашым раёне аднаразова па заключэнні ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі такім інсуліназалежным хворым выдаюцца глюкометры і шпрыцы, таксама ў аб’ёме, які прапісаны ў пастанове № 672, хворыя па паказаннях могуць атрымаць мочапрыёмнікі, калапрыёмнікі, перавязачны матэрыял, пры зондавым кармленні – зонды.
З багатым на падзеі жыццём аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў “Праменьчык” азнаёміла яго загадчыца Алена Калюцік.
Як працуюць з 92 дзецьмі-інвалідамі нашага раёна, як для іх ствараюцца спецыяльныя ўмовы пры атрыманні адукацыі, адбываецца садзейнічанне ў працаўладкаванні і адаптацыя да працоўнай дзейнасці, увогуле, якімі відамі дзейнасці такія дзеці ахоплены, у якіх фестывалях і конкурсах удзельнічаюць, як ім аказваецца псіхалагічная дапамога, патлумачылі дырэктар раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Марына Гуговіч і сацыяльны педагог установы Святлана Ранцэвіч.
Пытанні арганізацыі вольнага часу людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў нашым раёне закранулі загадчыца сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Харлінская і культарганізатар сектара Таццяна Палуносік, а таксама дырэктар раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Вольга Васіленка і старшыня раённай арганізацыі ГА “БелТІ” Аксана Вырко.
Напрыканцы пасяджэння круглага стала яго ўдзельнікі абмяняліся меркаваннямі і зрабілі выснову, што ў далейшым для павышэння якасці аказваемай дапамогі і яе бесперарыўнасці ўзаемадзеянне павінна стаць яшчэ больш цесным, а падобныя сустрэчы не губляюць сваёй актуальнасці.
Ірына СТЫРНІК